4 студзеня 2008 г. у мінскай парафіі св. Антонія па ініцыятыве пробашча кс. Сяргея Пекачава адбыўся калядны канцэрт беларускіх выканаўцаў, у якім узялі ўдзел Аляксандр Памідораў, Лявон Вольскі (гурт НРМ, праект «Крамбамбуля»), Ігар Варашкевіч (гурт «Крама»), Алег Хаменка (гурт «Палац»).


У актавай зале ЖЭС 84 у мінскім мікрараёне Малінаўка, дзе моляцца вернікі парафіі св. Антонія, якія пакуль не маюць сваёй святыні, усе ахвотныя маглі паслухаць калядныя спевы ў выкананні папулярных беларускіх спевакоў. Летась падобная імпрэза адбылася тут упершыню, а сёлетні, ужо другі канцэрт быў больш працяглым і сабраў большую колькасць слухачоў, якія ледзь змясціліся ў невялічкай актавай зале, балазе, уваход быў свабодны. Незвычайнасць канцэрта ў тым, што гэта — своеасаблівае асабістае віншаванне са святамі вядомых музыкаў, якія выступаюць без гуртоў, асобна.

На пачатку канцэрта пробашч парафіі св. Антонія кс. Сяргей Пекачаў шчыра прывітаў усіх удзельнікаў, пасля чаго лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка распавёў прысутным пра багатую традыцыю беларускіх калядак, чаргуючы свае словы з прыгожымі фальклорнымі спевамі.

Пасля лідэра «Палаца» на сцэну выйшаў Лявон Вольскі. Ён праспяваў некалькі песень: як старых, вядомых і любімых, якія яму дапамагала спяваць уся зала, так і новых, што сведчаць пра далейшы творчы пошук музыканта. Цудоўным падарункам для слухачоў стала прэм’ера яго новай каляднай песні. За Лявонам Вольскім выступіў лідэр гурта «Крама» Ігар Варашкевіч, які таксама парадаваў слухачоў цікаваю музычнаю прэм’ераю. Завяршыла канцэрт выступленне Аляксандра Памідорава, які выканаў калядку на польскай мове, а таксама сваю славутую песню «Цуд на Каляды».

Наогул канцэрт, як адзначылі самі выканаўцы, прайшоў ва ўтульнай, сардэчнай атмасферы, як быццам у кампаніі блізкіх сяброў. Працяглыя апладысменты і словы падзякі з вуснаў ксяндза Сяргея сталі найлепшым сведчаннем таго, што канцэрт спадабаўся і што яго зноў будуць чакаць у наступным годзе.

This entry was posted on Thursday, January 4th, 2007 at 23:24 and is filed under News. You can follow any responses to this entry through the RSS 2.0 feed. Both comments and pings are currently closed.

Comments are closed at this time.