[simage=92,200,n,left,]Наш родны Шабунёўскі касцёл намолены, упрыгожаны нашымі дзядамі іпрадзедамі. 3 самага ранняга дзяцінства здавалася, што ў Шабунёх усё было больш светлае, радаснае, нават сонца ласкавейшае, чым у нашых Ніціеўскіх. Салаў’і і чаромха! Кветкі смолачкі, якія збіралі з бабуляй Аннай ў раўках! Цяпер у нас яны зніклі. Касцёл і Шабуні быў раем, паход туды з мамай – святам. Тады ў дзяцінстве і нават маладосці, у 60-70-ыя гады здавалася, што касцёл і ксёндз – гэта толькі мінулае, і не думалася, што гэта будучыня, што вернецца гэтае мінулае і заззяе святлом, якое асвеціць усё астатняе жыццё. I як горка, што многія мае землякі не разумеюць гэтага.
Да шабунёўскай парафіі належаць вёскі Шабуні, Падляддзе Пухавіцкага раёна, Ніціеўскія, Тамашэвічы і Баханы Уздзенскага раёна; да Узды 40 км, да Мінска – 30 км.
На дзень Святога Роха, 16 жніўня, і на Ядвігі, 17 кастрычніка, раней у парафіі адбываўся фэст. У цяперашні час дзень св. Ядвігі прыводзіцца ў малітоўніках 16 кастрычніка, але мне дастаўся ад бацькоў малітоўнік на польскай мове за 1906 г. – там дата 17 кастрычніка. У нашых засценках вельмі паважалі святую Ядвігу , гэта імя было любімым, нават праваслаўныя называлі сваіх дзяўчатак – Ядзя. Да гэтага часу многа жанчын у нас носіць гэтае імя. На жаль, пасля 50-ых гадоў мода на яго прайшла.
На фэст прыязджалі католікі з усёй акругі, напэўна ў радыусе 20 км: з Сакольшчыны, Сухадолаў, Чарналесак Дзяржынскага раёна, з Самахвалавіч, Русінавіч, Каралішчавічаў, Крупіцы, Аннопаля Мінскага раёна; з усіх хутароў гэтых раёнаў, а таксама Пухавіцкага і Уздзенскага. На фэстах моладзь знаёмілася, хлопцы выбіралі нявест. Так, напрыклад, сястра маёй бабулі Антаніны Здановіч выйшла замуж у Сакольшчыну. Мая бабуля Анна па маме, дзесьці з ваколіц Гатава і выйшла ў Шабуні; сястра Стэфы Шабуневіч – у Суцін Пухавіцкага раёна і так многія іншыя.
Да 1937 г. адбываліся працэсіі на свята Божага Цела. Цёця Вэрця (у хрышчэнні Вераніка) расказвала, што працэсія з Найсвяцейшым сакрамэнтам ішла ад касцёла па вуліцы да кожнай Шабунёўскай хаты, а яна з іншымі дзяўчаткамі ў белых сукеначках сыпалі кветкі перад Сакрамэнтам.
Пабудаваны наш касцёл у 1796 годзе, адноўлены ў 1860-м сродкамі князя Вітгенштэйна. Дата пабудовы была выразана на парозе. У часе страшэннай халеры ўсе жыхары, католікі і праваслаўныя, сабралі грошы і набылі абраз Святога Роха, пасля яго ўстаноўкі эпідэмія адразу ж адступіла. У час рэканструкцыі ў 1860 г. парогавую бэльку замянілі, так як яна зусім струхлела. Дата пабудовы засталася ў гістарычных крыніцах.
Апошні раз касцёл рэканструявалі ў свабоду, гэта значыць у 1918-1920 гг., так гаварыў мой папа, Юзаф Ніціеўскі (1908 г.н.). Ягоная стрыечная сястра Стася Шаціла (1921 г.н.) казала, што гэта было ў 1923-24 гг. I што яна помніць той час. У два-тры гады не магчыма помніць штосьці, але відаць ёй засталося ў памяці, дзякуючы аднаму эпізоду: маленькая яна прыйшла ў касцёл, дзе яе тата клаў падлогу, наступіла на цвік і параніла ножку. Сапраўды, так магло быць, хата Шацілаў насупраць касцёла, на другім беразе рэчачкі, маленькая магла перайсці па кладачцы, рэчка мелкая, бяспечная для малой. Хутчэй усяго ў 1923-24 гг. заканчвалася праца па перабудове. Думаю, што датычыцца перабудовы, ёй расказалі бацькі, асабліва яе маці Ядвіга, у дзявоцтве Ніціеўская, родная сястра майго дзеда Яна. Памерла яна ў 1967 г. Стася расказвала, што тады ў 20-ыя гады касцёл расшырылі, а алтарную частку цалкам, не разбураючы, перамясцілі на ўсход. Гэта было магчыма, не трэба было ніякай механізацыі: тады ў кожнай хаце было па двое-трое здаровых маладых мужчын. Яшчэ не было жудасных 1929-30 і 1937 гадоў, што апусташылі Шабуні і Падляддзе. А ўсе тыя мужчыны былі вялікія ўмельцы, якія прайшлі школу майстэрства ў Дудзічах. Алтар перамясцілі і дабудавалі сярэднюю частку (наву) – гэта самая маладая частка касцёла. Канфесіянал і шафу ў сакрыстыі зрабіў Бахановіч Антоні, брат майго дзеда Канстанціна.
Раней я думала, што ўся шалёўка ў касцёле з даўніх часоў, з 1860 г., але пан Аляксандр Ярашэвіч сказаў, што ў той час дошчачку так апрацаваць не маглі, таму столь і шалёўка, відаць, з 20-ых гадоў XX ст. Можа таму, што касцёг намолены і таму, што няма ацяплення, столь, сцены, канфесіянал, градусы, хорь да гэтага часу светлыя, дрэва выглядае так, як быццам зроблена толькі цяпер, : не 100-140 гадоў таму. На хорах стаіць арганчык (фізгармонія), вядома ж н працуючая. Ад усіх абразочкаў засталася толькі прыгожая рамка (Фератрон) стылі барока, што неслі на працэсіі.
Пасля 1971 г. перакрылі дах касцёла, замянілі гонты на шыфер Арганізавала ўсё Юзэфа Бахановіч; сабралі грошы, купіць шыфер можна бы. толькі па разнарадцы сельсавета, людзі змаглі выклапатаць гэту разнарадку.
У 1997 г. замянілі падлогу і слупкі на ганку, бо яны падгнілі. Вялікая мая віна, што дазволіла забраць іх на дровы. Былі яны прыгожыя, фігурныя і цяпер, калі з’явілася надзея на рэстаўрацыю касцёла, ніхто не можа намаляваць, як яны выглядалі, хоць і помняць іх усе. У тым жа годзе ў касцёле ў сярэдзіне навы падгніла падваліна, дошкі прыпадняліся і былі бачны вялікія каваныя цвікі, якімі яны былі прыбіты.
Касцёл быў прыпісаны да Аннопальскай парафіі, а ў 1908 г. – да Воўчкаўскай, заўсёды належаў да Марыінскага дэканату г. Мінска. Пастаяннага святара не было; святары прыязджалі з Аннопаля.
Паколькі Шабуні і Ніціеўскія былі цесна звязаны з Аннопалем, некалькі слоў пра яго. На пачатку 18 стагоддзя Крупіца належала Халецкім. Анна Халецкая выйшла замуж за Альбрэхта Радзівіла, Крупіца была яе пасагам. Альбрэхт назваў маёнтак у гонар жонкі – Аннопаль.
Касцёл Святой Ганны ў Аннопалі быў пабудаваны ў 1776 годзе з дрэва. Дзякуючы малюнку Напалеона Орды, захавалася памяць аб ім і мы можам любавацца касцёлам, дзе маліліся нашы продкі. Фэст быў таксама на свята Божага Цела. Парафія налічвала 4000 вернікаў.
Згодна Аляксандра Яроменкі (2003 г.), у 1907 годзе касцёл разабралі і на яго месцы пабудавалі новую, каменную святыню. 6 мая 1908 г. новы касцёл быў асвечаны пад тытулам святога Ружанца Найсвяцейшай Панны Марыі. Відаць, быў ён не каменны, а цагляны. Мама цёці Манюсі Сцепаніда Шабуневіч расказвала, як уся акруга вазіла цэглу для будоўлі, і як добра выяўлялася сутнасць людзей пры гэтай нялёгкай працы. У 1930-ыя гады касцёл разбурылі на калгасныя пабудовы і выявы яго не засталося.
Згодна з публікацыяй А. М. Кулагіна “Каталіцкія храмы Беларусі”, 2008, драўляны касцёл быў разабраны ў 1912 годзе, а ў 1920-ыя гады пачалося яго будаўніцтва, якое не было закончана. Вельмі цікава, што гэтыя звесткі Кулагін прыводзіць згодна І_узкаг ад 1912 года. Значыць у 1912 г. ведалі, што касцёл не закончаны ў 1920-ыя гады. Парадокс! Трэба верыць публікацыі Яроменкі.
Вельмі горка, што ўпушчана магчымасць распытаць сваіх родных пра ксяндзочкаў, што працавалі ў нашым касцёле на пачатку 20 стагоддзя. У 1912-14 гадах у Аннопалі працаваў кс. Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), святар- паэт. Цяпер спяваем у касцёле яго песню “Распачаўся пост вялікі, кайся Эвіна сям’я”. Ксёндз А. Астрамовіч сябраваў з Янкам Купалам, вядома, што ў 1912-1914 гг. Купала сустракаўся з кс. Астрамовічам, значыць гэтыя сустрэчы маглі быць у Аннопалі. Цёця Яніна, сястра майго папы, нарадзілася ў 1898 годзе, у 1912-14 гадах ёй было 14-16 гадоў. У такім узросце моладзь з Ніціеўскіх і Шабунёў праходзіла катэхізацыю ў Аннопальскім касцёле. Значыць, яна павінна была бачыць кс. Астрамовіча, і ён напэўна ж бываў у Шабунёх, так як ксяндзы з Аннопалая вялі Імшу ў нашым касцёле. Цёця Яніна расказвала, як яны сустракалі ксяндза, калі яна яшчэ не была замужам і жыла ў Ніціеўскіх з бацькамі. А я не папытала, якога ўзросту быў ксёндз, на якой мове гаварыў.
3 прыходам Саветаў пачаліся расправы з парафіянамі. У 1929-30 гг. высылалі сем’і кулакоў. 3 Тамашэвіч высланы Шацілы і Юрэвічы. Юрэвічы былі вялікай сям’ёй, відаць, што гэта была не адна сям’я. Мне пашчасціла знайсці ў Цэнтральным гістарычным архіве “Запісы Аннопальскага касцёла” за 1838 год. Адзін год, а колькі цікавага даведалася. Запіс пра шлюб нашага прадзеда Ігната; многа запісаў пра хрышчэнні, шлюбы і вяселлі. I вельмі часта там фігурыравалі, як сведкі, як хрышчоныя бацькі, тыя самыя Юрэвічы. Гэта гаворыць аб тым, што сям’я была паважаная ў ваколіцы.
3 Ніціеўскіх высланы Камароўскія, Шабуневічы. Камароўскія засталіся ў Карэліі. Унучкі Шабуневічаў, што нарадзіліся ў Амурскай вобласці, вярнуліся на радзіму. Нашчадкі Юрэвічаў жывуць у Мякатах Уздзенскага раёна і г. Мінску.
Яшчэ пра адну вёсачку – адзін засценак Загор’е, ён знаходзіўся справа ад дарогі на Самалёва, пасля Чэрнікаў, цяпер там пасаджана паласа дрэў, што раздзяляе Крупіцкае і Самалёўскае поле. Папа расказваў, што было там 6 ці 7 хат. Усе жыхары былі добрыя гаспадары, і ўсіх іх выслалі, як кулакоў, так і знікла Загор’е.
3 Шабунёў выслалі сям’ю Рублеўскіх, у ёй было вельмі многа дзяцей, каб адзець іх у ссылку халоднай зімой, шабунёўцы знеслі адзенне. Куды іх давезлі, не ведаю, але з дарогі маці з дзецьмі вярнулі, толькі без бацькі. Сям’ю вярнулі, але ў хату не пусцілі і жылі яны ў таку, а потым у хлеўчыку. У родную хату вярнуліся толькі з прыходам немцаў. Юзэфу Бахановіч, з маці і сёстрамі, таксама выгналі з хаты, дзе адкрылі яслі, а потым куратнік. Яны таксама вярнуліся ў сваю хату пры немцах.
Далей пайшло калгаснае жыццё. Цёця Франя расказвала, што абавязкова трэба было завязваць чырвоныя касынкі, а на “7 ноября” лістапада трэба было адзецца чыста і сядзець, склаўшы рукі, бо хадзілі і правяралі, маглі “прышыць і контру” тым, хто працаваў у гэты дзень.
У студзені 1937 года мае бацькі бралі шлюб. Гэта быў апошні шлюб да 1941 года, бо ў 1937 годзе ксяндзоў арыштавалі, таксама арыштавалі многіх парафіянаў Шабунёўскага касцёла і расстралялі за тое, што былі шчырымі католікамі, маліліся ў касцёле, а значыць, на думку нквэдзістаў былі “польскімі шпіёнамі”. Расказвае цёця Манюся (жонка дзядзі Стася, брата майго папы), як забіралі яе бацьку Шабуневіча Вінцэнта. Ён ведаў, што забіраюць людзей, таму хаваўся, дома не начаваў. Ноччу прыйшлі нквэдзісты, выгналі дзяцей і жонку з хаты, ноч яны прасядзелі на двары. Было лета, які месяц, не ведаю. I вось на світанні запелі птушкі, ад рэчкі, ад касцёла ідзе іх тата. Тут жа яго забралі і знік ён назаўсёды. За што забралі? За тое, што быў католік, прыслужваў у касцёле, прыгожа спяваў, не піў, быў добры гаспадар. На свята апранаўся, як пан – гэта і цяпер відаць па фатаграфіях. Вінцэнт быў хрышчоным бацькам маёй мамы, Ядвігі Бахановіч. Хрышчонай маці была яе дваюрадная сястра Адольфа, родная сястра Юзэфы Бахановіч. Адольфа ў 1920 г.,калі тут былі палякі, выйшла замуж за паляка-вайскоўца і жыла ў Польшчы, у 1956 годзе прыязджала на Радзіму. Вінцэнта арыштоўвалі і ў 1931 годзе, але тады адпусцілі. Калі яго забралі ў 1931 годзе, дзяцей і жонку Сцепаніду ў хату не пусцілі, і сядзелі яны да вечара на лаўцы, цёці Манюсі ў той час не было аднаго году. I што дзіўна – час быў страшэнны: людзей хапалі без віны; помню, калі мне было 6-10 гадоў, пыталася ў мамы: “Дзе бацькі Броніка, Янака”. Мама казала, што іх забраў хапун, так у нас звалі гэтую з’яву. Дык вось, нягледзечы на гэты “хапун” былі людзі, якія не баяліся дапамагчы ў горы. Так і Шабуневічысе дапамог настаўнік Макась. Падыйшоў ён да сям’і, зняў з дзвярэй замок, упусціў дзяцей і маці ў хату, а сам паехаў у сельсавет, дзе за ноч аформілі дакументы на арганізацыю школы ў гэтай хаце, а Шабуневічыху прызначылі прыбіральшчыцай. Такім чынам маці з дзецьмі засталіся ў сваёй хаце.
Такіх прыгожых хат у Шабунёх яшчэ тры (усіх чатыры): хата майго прадзеда Бахановіча, Шацілаў і яшчэ адных Шабуневічаў. Гэтыя хаты былі абсалютна такія, як тая, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Не дарэмна ж пісаў Аляксандр Ельскі ў “Слоўніку геаграфічным…” (том 11), што “засценак Шабуні прыгожа забудаваны”. Хаты былі на дзве палавіны: адна палавіна (36 м2), сенцы, кухня і другая палавіна. Тры хаты перабудаваны, засталася не перабудаванай толькі адна хата майго прадзеда.
Пра страшэнны 1937 год расказвала Слізевіч Анця: прыйшлі забіраць яе мужа Юзафа. Іх сыночку Браніславу не было і года, калі зайшлі нквдзісты, трымала дзіця на руках, жанчына так разгубілася, што рэзка кінула яго на ложак. Тут муж сказаў сваёй маці: “Бачыш як кідае, не выгадуе яна яго”. А сам не ведаў, што за гэтыя некалькі хвілін ён, малады мужчына, ад жаху стаў сівым. Разам з ім забралі і яго бацьку Антона, якому было за 60 гадоў.
Жах панаваў над усімі. Расказвала Стася Слізевіч, што калі прыйшлі забіраць яе мужа Антона, у яе адняліся ногі. Забралі Герасімовіча – мужа маёй хрышчонай мамы, забралі Юркевіча – бацьку Гені, што выйшла замуж за Віню Шабуневіча, майго стрыечнага брата. Дзе яны ўсе, арыштаваныя? Хутчэй за ўсё, ляжаць бязвінныя ў Курапатах.
Тады ж, у 1937 г. нквдзісты пазрывалі і параскідалі ў касцёле абразы. Людзі баяліся ісці ў касцёл, таму паслалі малых дзяцей, не старэй за 12 год. Успамінае цёця Манюся (ёй было тады 6 гадоў), калі зайшлі ў касцёл, усё было так параскідана, што яна са страху заплакала, а Стася Здановіч (потым вышла за Стася Шляхоцкага ў Баханы, была вельмі светлай асобай) супакоіла яе. Дзеці, як маглі, развесілі абразы на месцы.
На вялікі жаль, Ганнуська Дэмская тады ад жудаснага страху спаліла ўсе касцёльныя журналы-запісы, хаваць іх было небяспечна, людзі баяліся, што іх прозвішчы запісаны там. Тады ж Ганнуська з жанчынамі закапалі чашы пад яблынькай, але расказваюць, што калі паспрабавалі іх шукаць у 90-ыя гады, а ў жывых тых жанчын ужо не было, нічога не знайшлі.
Да 1941 года жылі без ксяндза. 3 1937 па 1941 год нарадзілася шмат дзяцей у парафіі. I таму, калі ў 1941 г. прыехаў ксёндз, прынеслі хрысціць усіх дзетак. Хрышчоныя бацькі з дзеткамі стаялі ў два рады адны насупраць другіх, ад алтара цераз увесь касцёл і на двор аж да рэчкі. У гэты дзень хрысцілі і мяне, дату не ведаю. Цёця Манюся расказвае, што было ў гэты дзень вельмі горача, відаць, гэта быў канец жніўня. Папа і мама сумняваліся, ці быў сапраўдны ксёндз, бо яны ніколі не чулі ў касцёле беларускай мовы, а гэты ксёндз вёў Імшу і хрысціў дзяцей на беларускай мове. Можа таму, што хрышчана я на беларускай мове, так дорага мне ўсё роднае, беларускае.
I якая ж дурніца, што не распытала бацькоў, як выглядаў ксёндз, якога ўзросту быў, на чым і з кім прыехаў. I толькі ў 2005 г., калі ў Катэдры ксёндзУладыслаў Лазар сказаў нам: “На дзень задушны вы падаеце імёны родных, продкаў для малітвы за іх. А хто вас хрысціў, вянчаў? Хто памоліцца за тых ксяндзоў?” і толькі тады па-сапраўднаму задумалася, а хто ж быў той ксяндзочак, што хрысціў нас у 1941 годзе, як яго імя? I пачала шукаць, чытаць, хто з ксяндзоў мог прыехаць ў Мінск ужо летам 1941 года. 3 публікацый рашыла, што гэта ксёндз Станіслаў Глякоўскі. Паказала яго фотаздымак Стасі Шаціла (адзіная, што засталася) I вось цуд! “Не, не ён, – кажа яна – “прозвішча таго ксяндза было Малец, і ён прыязджаў яшчэ на Ядвігі (у нас гэта 17 кастрычніка). Чакалі мы яго на Каляды, але ён не прыехаў. Даведаліся мы потым, што яго забралі немцы”. Сапраўды, арыштавалі кс. С. Глякоўскага і кс. Дзяніса Мальца 15 снежня 1941 года. Кс. Дзянісу было 32 гадочкі, кс. Станіславу – 45 гадоў. Зніклі яны назаўсёды.
Цёця Манюся расказвае, што ад жніўня і ўвосень 1941 г. у Шабунёх праводзіў катэхізацыю Станіслаў, жыў ён у Ганнуські, у яе хаце. Займаўся з малодшымі дзецьмі, а потым навучаў дзяўчат. Сапраўды, Юры Туронак (“Наша вера”, № 1, 1996) піша пра катэхета Станіслава Васюкевіча, што працаваў з гэтымі ксяндзамі.
Пасля, пры немцах, ксяндзы больш не прыязджалі, людзі казалі, што гэта было немагчымым, бо пачалася партызанка. Некаторыя нашы парафіяне ездзілі ў Мінск у касцёл, для гэтага трэба было выпісаць аўсвайс у немцаў у гарнізоне, што стаяў у Самалёве. Магчыма, што да канца 1941 года прыязджаў хто-небудзь з ксяндзоў, акрамя Дз. Мальца. Цёці Манюсі ў той час было 10 гадоў, яна ўспамінае, як людзі казалі, што прыехалі ксяндзы-літоўцы. Прыехалі яны з Вільні, але ж маліліся толькі на беларускай мове, спявалі толькі беларускія песні. Цёця Манюся запомніла іх настолькі, што ў 1991 годзе, калі ў Мінску ў часе першай працэсіі Божага Цела, ксёндз Ул. Завальнюк заспяваў песню “О, Мой Божа”, яна адзіная падпявала. Гэтая песня прыводзіцца кс. Адамам Станкевічам разам з другімі Набожнымі песнямі “Вучыся і маліся”, што і сёння спяваюцца намі ў касцёле.
Летам 1942 года мой дзядзя Фэлісь Ніціеўскі жаніўся з Вэрцяй Шабуневіч. Цёця Вэрця расказвала, што шлюб бралі ў катэдры. Паехалі ў Мінск на кані, з імі паехала Юзэфа Бахановіч (мая хрышчоная мама), яна ўмела гаварыць з ксяндзамі, ведала касцёльныя правілы. У Мінску пераначавалі ў знаёмых, назаўтра вянчаліся.
Відаць, у 1944-46 гг. ксяндзы прыязджалі толькі зрэдку. Таму Фэліську (сына дзядзі Фэліся і цёці Веры) і Манюську (Марыю, дачку цёці Франі) хрысцілі ў Чырвоным касцёле. Думаю, гэта было ў канцы 1945-га або ў 1946 годзе, бо мой папа быў хрышчоным балькам, іменна ў гэты час ён вярнуўся з арміі. Здаецца, у 1955 ці 56-м гг. аднойчы прыязджаў ксёндз. Пазней дзетак хрысцілі ўсе мае землякі ў Краснове (Краснае, Маладзечанскага раёна), так як у Мінску не было ні аднаго касцёла.
Увесь час касцёл у Шабунёх берагла Ганнуська Дэмская. Успамінаюць мае аднагодкі з Шабунёў, як яны, дзеці і маладыя дзяўчаткі, збіраліся ў суботу каля касцёла, прыходзіла Ганнуська, адчыняла касцёл, і яны прыбіралі, мылі падлогу, збіралі кветкі, ставілі букеты, а ў нядзелю збіраліся ў касцёле і маліліся.
Праводзілі таксама ў 60-70-ыя гады маёвыя і ружанцовыя набажэнствы. Усе нашы жыхары, хто перажыў вайну, лічаць, што іх ратаваў касцёл.
Памятаю, што калі прыходзілі ў Шабуні з мамай і яе сястрой Франяй Наркевіч, то заўсёды бралі ключы ў Ганнуські і ішлі ў касцёл. 3 намі ішлі Яніна Шабуневіч (мая цёця) і Яніна Бахановіч, жонка майго дзядзі Францішка.
Заўсёды, хоць і без святара, памёршых заносілі ў касцёл, так і маіх бацькоў – маму Ядвігу ў 1987 г. і папу Юзафа ў 1991 г., там маліліся “Літанія за памерлых”, спявалі “Анёл панскі”. Развітацца з памёршым прыходзілі ў яго хату суседзі са свайго засценка і з суседніх, да нас з Баханоў і Тамашэвіч. Сядзелі да ночы і спявалі песні з “кантычак”. Запяваламі былі Наркевіч (Шляхоцкая) Лёня, Каржанеўская Юзэфа, спявалі таксама Якавенка (Шаціла) Франя і многія другія жанчыны.
У 1992-93 гг. у Шабунёўскі касцёл 3-4 разы прыязджаў кс. Уладзіслаў Завальнюк. I калі ў першы свой прыезд, пасля Імшы, ён сказаў, што трэба забраць на рэстаўрацыю абразы, мы ўсе аж схамянуліся. Нам цяжка было ўявіць, што абразы можна вынесці з касцёла, што касцёл нейкі час будзе без іх. I вось здарылася страшэннае! У 1993 г. ксёндз прывёз рабочых, каб паказаць, якую працу трэба правесці, каб адрамантаваць касцёл, а праз 3-4 дні зніклі абразы. Яны былі сапраўднымі карцінамі на палатне, было іх шмат: св. Роха, св. Ядвігі, Хрышчэнне Езуса ў Ярдане, Езус у цярновай кароне. У выніку засталося 13 рамачак, з якіх па-зверску вырвана палатно; быў Крыжовы шлях; крыж пры ўваходзе; фігурка Матачкі Божай; былі і харугвы.
3 касцёла як бы дасталі душу. Касцёл асірацеў і разам з ім усе мы. А тады было яшчэ многа шчырых вернікаў, яшчэ жылі мая хрышчоная мама Юзэфа, хрышчоны бацька дзядзя Фэлісь, цёця Вера, Яніна Бахановіч, Стася Слізевіч, мае браты Янак і Віня Шабуневічы, Антон Шабуневіч, сын бязвінна загінуўшага Вінцэнта Шабуневіча; жыло многа людзей у Падляддзі і Ніціеўскіх. Ксёндз перастаў прыязджаць; калі звярталіся з просьбай, то два разы прыслаў свайго вікарыя Сяргея Бараўнёва. У першы прыезд ён сказаў: “Паколькі я тут першы раз, няхай гэта будзе мая прыміцыйная Імша” і удзяліў благаслаўленне кожнаму чалавеку, людзі былі шчаслівыя. А цёця Вера гаварыла: “Мне ні адзін ксёндз за жыццё не палажыў рукі на галаву, а кс. Сяргей благаславіў”. Хутка кс. Сяргея перавялі ў Беразіно і зноў мы сталі нічыйныя.
А потым, не ведаю, хто быў такі “вялікі географ”, але Шабуні аказаліся аднесены пасля 1997 г. да Дзяржынскага р-на (Рубяжэвіцкі дэканат), таму апісання нашага касцёла св. Роха няма ў кнізе “Каталіцкія святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі” (частка 1, 2003 г.).
3 1997 да 2004 гг. Імшы ў касцёле не было. I толькі, дзякуючы малітвам нашых людзей і ксяндзу Эдмунду Даўгіловічу, які выконваў абавязкі Генеральнага Вікарыя Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, у 2004 г. да нас прызначаны ксёндз Сяргей Пекачоў.
Нарэшце у кнізе “Каталіцкія храмы Беларусі” А. М. Кулагін, Мн., 2008, прыведзена апісанне нашага касцела, але на фотаздымку глядзіцца ён такім адзінокім і сіратлівым, таму, што многія патомкі тых, якія будавалі, упрыгожвалі, бераглі святыню, якія ляжаць вакол касцёла, гэтыя вось патомкі не маюць часу, каб прыйсці на адну гадзінку да касцёла, калі прыязджае ксёндз, каб памаліцца за душы сваіх продкаў, за сябе, за будучыню сваіх дзяцей, каб прыбраць каля касцёла. Як жа яны прыйдуць, калі “не маюць часу”? Ім жа трэба мыць падлогу ў сваёй хаце, трэба палоць агароды! Дык дзе ж тут знойдзеш адну-другую гадзіну для Пана Бога! Семдзесят гадоў атэізму зрабілі сваю справу.
В. Ніціеўская