Агульную аўдыенцыю, якая адбылася ў Апостальскай Сталіцы 10 лютага 2010 г., Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прысвяціў актуальнасці справы святога Антонія Падуанскага і значэнню крыжа для еўрапейскай адметнасці і культуры. Таксама Папа нагадаў, што сусветная эканоміка для свайго належнага функцыянавання патрабуе чалавечай этыкі, і заклікаў святароў і дыяканаў да належнай падрыхтоўкі прамоў і гамілій.
Пантыфік падкрэсліў вялікі ўнёсак святога Антонія ў справу развіцця францішканскай духоўнасці, заўважыўшы, што святы ўсведамляў слабасць чалавечай натуры і яе схільнасць да падзення. Згодна з вучэннем святога Антонія, толькі душа, якая здольная маліцца, можа ісці наперад у духоўным жыцці.Будучы святы нарадзіўся ў 1195 г. у Лісабоне (Партугалія). Памёр каля Падуі (Італія) у 1231 г. Інтэлектуальнае і духоўнае развіццё атрымаў у асяроддзі рэгулярных канонікаў святога Аўгустына, дзе распачаў манаскае жыццё. Мучаніцкая смерць пяці францішканскіх місіянераў у Афрыцы аказала ўплыў на яго рашэнне ўступіць у новазаснаваны Ордэн Братоў Меншых. Здзяйсняў місіянерскую працу ў Марока (Паўночная Афрыка), пазней выконваў прапаведніцкае служэнне ў Італіі і Францыі. Быў адным з найбольш вядомых тэолагаў, на базе вучэння св. Аўгустына аказаў уплыў на развіццё францішканскай тэалогіі. Праз год пасля яго смерці, у 1232 г., папа Грыгорый ІХ абвясціў яго святым. Пакінуў пасля сябе багатую тэалагічную і прапаведніцкую спадчыну, з якой найбольш значнымі з’яўляюцца «Нядзельныя казанні» і «Казанні аб святых».
Святы Айцец нагадаў, што ў пачатку ХІІІ ст., у час адраджэння гарадоў і росквіту гандлю, узрастала лічба людзей, якіх не цікавілі патрэбы бедных. З гэтай прычыны св. Антоній «заахвочваў вернікаў да разважання над сапраўдным багаццем, багаццем сэрца, якое, робячы людзей добрымі і міласэрнымі, збірае скарбы для неба». «Гэтае вучэнне становіцца надзвычай важным, калі фінансавы крызіс і глыбокая эканамічная няроўнасць прыводзяць многіх людзей да беднасці», — дадаў у гэтым кантэксце Бэнэдыкт XVI.
Па словах Папы, св. Антоній ставіў Езуса ў цэнтры жыцця і думкі, дзейнасці і прапаведвання. Іншай тыповай рысай францішканскай духоўнасці, як дадаў Пантыфік, з’яўляецца «хрыстацэнтрызм». Гэтая з’ява заключаецца ў сузіранні таямніцы чалавечнасці Хрыста, а найперш Нараджэння Пана. «Яна заахвочвае да ўдзячнасці Богу і шанавання чалавечай годнасці, каб веруючы і няверуючы чалавек маглі знайсці ў гэтым значэнне, якое ўзбагаціць усё іх жыццё», — падкрэсліў Святы Айцец. Таксама Папа адзначыў значэнне вобразу Укрыжаванага для еўрапейскай культуры і гуманізму, народжанага з хрысціянскай веры. Па словах Пантыфіка, гледзячы на крыж, можна ўбачыць, наколькі вялікая годнасць і вартасць чалавека, дзеля якога перажывае цярпенне сам Бог.
Звяртаючыся да тэмы Года святарства, Бэнэдыкт XVI заахвоціў вернікаў маліцца за святароў і дыяканаў, каб тыя рупліва выконвалі служэнне абвяшчэння і рэалізацыі ў жыцці Божага слова, асабліва праз літургічную гамілію. Папа выказаў пажаданне, каб гаміліі былі «годнай прэзентацыяй адвечнай прыгажосці Хрыста, так, як да гэтага імкнуўся святы Антоній».
(Catholic.By)