Roman Catholic Parish of Saint Anthony in Belarus

Reviving the Catholic Church in Belarussia

У Вялікую суботу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў мінскія парафіі — святога Антонія Падуанскага (Малінаўка), Маці Божай Будслаўскай (Кунцаўшчына), Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя), святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), Найсвяцейшай Тройцы (св.Роха — Залатая Горка), святога Яна Хрысціцеля (Серабранка), Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (архікатэдра) і парафію Маці Божай Ружанцовай (Лошыца). Паводле традыцыі, Мітрапаліт асвяціў велікодныя стравы, а таксама звярнуўся да вернікаў са словамі віншавання з надыходзячым святам Уваскрасення Пана.

Арцыпастыр заклікаў вернікаў, каб яны не былі толькі “святочнымі католікамі”, якія прыходзяць у касцёл на святы, каб асвяціць “велікодныя стравы, ці пазахапляцца велічным спевам «Аллелюя», а пасля зноў надоўга забыцца пра Бога і пра веру. Мы павінны ў гэтыя дні духоўна асэнсаваць свята Пасхі. Яйкі, якія мы асвячаем, — гэта сімвал новага жыцця і новай надзеі, якую нам дае Уваскрослы Пан. Уваскрасенне Хрыста павінна стаць часткаю нашага жыцця. Таму кожны вернік не павінен занядбаць збавенную ласку Уваскрасення, а духоўна адрадзіцца і захоўваць вернасць хрысціянскаму пакліканню”, — падкрэсліў Яго Эксцэленцыя.

(Catholic.By)