Roman Catholic Parish of Saint Anthony in Belarus

Reviving the Catholic Church in Belarussia

У нядзелю 15 чэрвеня 2008 г. у мінскай парафіі святога Антонія Падуанскага (мікрараён Малінаўка) адбылося парафіяльнае свята. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка разам з пробашчам парафіі кс. Сяргеем Пекачавым. Ва ўрачыстасці таксама прымаў удзел дэкан Паўднёва-Заходняга дэканата кс. Уладзіслаў Завальнюк.

У сваёй гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў пра духоўны шлях і служэнне святога Антонія і заклікаў усіх прысутных наследаваць прыклад яго любові да Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Нягледзячы на тое, што парафія часова моліцца ў будынку ЖЭСа, святая Імша, споведзь, святая Камунія, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту даюць пачуццё сапраўднага жывога Касцёла. Разам з тым, парафіяне пастаянна моляцца аб тым, каб як найхутчэй атрымаць зямлю і пабудаваць свой уласны касцёл.

Сапраўдным падарункам для парафіянаў стаў канцэрт ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі «Класік-Авангард» (мастацкі кіраўнік У. Байдаў), які адбыўся пасля ўрачыстай Эўхарыстыі. У праграму ўвайшлі творы Станіслава Манюшкі. Прагучалі як духоўныя, так і свецкія кампазіцыі: славуты рэлігійны гімн «Багародзіца», «Гімн да Пана Езуса», псальмы «Exaudi Deus» і «Domine in furore tuo», апрацоўка вядомай каляднай песні «Пастушкам анёл сказаў», «Жалобны марш Антонія Арлоўскага», полька «Леакадзія» і інш.

Канцэрт упрыгожылі галасы маладых салістаў Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Юрый Гарадзецкі (тэнар) сёлета стаў лаўрэатам 5-й прэміі прэстыжнага конкурсу каралевы Елізаветы ў Бруселі (Бельгія), Уладзімір Громаў (барытон) — пераможца вядомага тэлевізійнага конкурсу «Дзве зоркі», Алена Золава (сапрана) — выпускніца Беларускай акадэміі музыкі, дыпламант міжнароднага конкурсу.

У сваім заключным слове біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў удзельнікам канцэрта і пажадаў усім апекі святога Антонія.